У мінскай краме каля 30 падлеткаў учынілі бойку
«Адзін з тых, хто біўся, ўпаў, яго сталі біць нагамі… Нехта крычаў: «Парэж яго!», – распавяла адна з відавочцаў падзей.
У чацвер увечары група падлеткаў учыніла бойку ў мінскай краме «Соседи» на вуліцы Каліноўскага.
«Прыкладна ў 20.00 я была ў краме «Соседи» на Каліноўскага… Калі я ўжо расплачвалася ў касе, у краму раптам уварваўся натоўп падлеткаў, чалавек 30, пэўна… Іх з’яўленне суправаджалася дзікімі крыкамі, зразумець спачатку нічога было немагчыма… Адбылася шалёная драка, пры якой ўсё змяталася на шляху. Людзі ўсе памкнуліся ў глыб крамы, у тым ліку касіры. Наколькі я зразумела, палова з гэтых падлеткаў збягала, другая палова – гналася за першай… Цялежкі, выпадковыя пакупнікі, выстаўленыя на продаж кветкі у гаршчках – усё ляцела ў розныя бакі. Патасоўка была страшэннай і жорсткай. Такога я ў жыцці не бачыла. Адзін з тых, хто біўся, ўпаў, яго сталі біць нагамі… Нехта крычаў: «Парэж яго!»… Мужчынам, якіх сярод пакупнікоў было нямала, нават у галаву не прыйшло ўмяшацца, бо шанцаў у іх дакладна не было… Усё гэта доўжылася хвілін 5, пасля выйшаў адзін з ахоўнікаў «Соседей», пахадзіў сярод прытомленых, якія біліся, са словамі накшталт: «Чаго ты б’ешся»… Ніхто не звярнуў на яго ніякай увагі, бойка працягвалася…. Увогуле, было рэальна страшна… І зразумела, што, калі яны толькі самі не сціхнуць, ніхто і нішто іх не спыніць… Урэшце падлеткі пераможна акінулі гордым позіркам ашалелых пакупнікоў, паволі выйшлі з крамы… Міліцыю, падаецца, ніхто так і не выклікаў…», – напісала наведвальніца форуму Onliner.by.
У самой краме Еўрарадыё пацвердзілі тое, што была бойка, але ад каментароў адмовіліся.
«Учора тут было шмат – і ўчастковы, і міліцыя, калі ласка, можа вам нехта з іх скажа. Я нічога вам не магу сказаць, выбачайце», – распавяла супрацоўніца крамы.