Магазин «Любава» в европейском стиле… (Каменец)

Пасля рэканструкцыі ўрачыстыя ўваходзіны ў адноўлены будынак магазіна “Любава” ў Каменцы адбыліся 19 мая.
Апоўдні сабралася вялікая колькасць гараджан. Апладысментамі сустрэлі камянчане прамовы намесніка старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўтаварыства Дзмітрыя Глушынскага, намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Антончыка, старшыні праўлення райспажыўтаварыства Лідзіі Балюк. Яны па традыцыі перарэзалі чырвоную стужку і прынялі караваі. Пачатак працоўнаму дню “Любавы” дадзены.
Жадаючых трапіць у магазін было шмат, і першапачаткова прыйшлося рэгуляваць іх паток. Дарэчы, у першы дзень работы “Любаву” наведала каля чатырох тысяч пакупнікоў, выручка склала больш за 30 мільёнаў рублёў. Прадукцыю звыш сямі тысяч найменняў прадставілі каля 200 пастаўшчыкоў. Усім таварам знайшлося месца на паліцах. Для цукерак, напрыклад, прыстасаваны спецыяльныя латочкі пад шклом, спецыі размясціліся ў прыгожых “кішэньках”. Вельмі зручна пакупніку вылічыць, ці хопіць наяўнасці ў кашальку, – дапаможа спецыяльны невялічкі прыбор, які счытвае інфармацыю па штрых-кодзе з упакоўкі. Расфасоўка тавараў, дарэчы, таксама аблегчана – набыта спецыяльная машына.
Пакупнікоў абслугоўваюць 18 прадаўцоў, у штат дабавіліся тры аператары. Яны займаюцца прыёмам і водпускам тавараў у гандлёвую залу. Сістэма апаратнай закальцавана з кожнай з трох кас, дзе ўстаноўлена найноўшае камп’ютарнае абсталяванне, а выкладзеныя пакупніком тавары рухае спецыяльная «дарожка». Пільна за гандлёвай залай сочаць 13 камер відэаназірання. Яшчэ тры ўстаноўлены ў падсобных памяшканнях. Такая сістэма вельмі дарэчы: плошчы гандлёвай залы магазіна павялічаны ўдвая і займаюць 300 м2.
У цэлым жа магазін “вырас” да 600 м2, змяшчае яшчэ і невялікі кафетэрый. Тут прапануюцца кандытарскія вырабы, салодкія напоі, кава, чай.
Задаволены ў райспажыўтаварыстве, што многія прадпрыемствы-вытворцы ў дзень адкрыцця магазіна адгукнуліся акцыямі. Па зніжанай цане на паліцах “Любавы” – тавары “Савушкіна прадукта”, Баранавіцкага камбіната харчовай прамысловасці, Пінскага мясакамбіната. А такія вытворцы, як “Брэсцкае піва”, “Лідскае піва” і Пінскі завод кандытарскіх вырабаў, правялі дэгустацыю сваіх тавараў.
Як паведаміла Лідзія Балюк, на рэканструкцыю і абсталяванне выдаткавана 2,5 млрд. руб. Цяпер застаецца толькі працаваць і трымаць марку гандлёвай установы.

Валянціна Бачай
Фота Сяргея Аляшчэні

Создание сайтов