Акцыі “Маладзечнагандлю” купіла «Парэчча»

Маладзечанскі райвыканкам прадаў сваю долю акцый ААТ “Маладзечнагандаль”.

У конкурсе па продажы акцый ААТ “Маладзечнагандаль”, якія належалі Маладзечанскаму райвыканкаму (каля 96% устаўнога фонду) удзельнічалі чатыры прадпрыемствы. Перамагло прыватнае прадпрыемства “Парэчча Белкаапсаюза”. Пачатковы кошт долі акцый на момант абвяшчэння конкурсу складаў каля 11 мільярдаў рублёў.

Даведка “РГ”. ААТ “Маладзечнагандаль” – прадпрыемства, якому належаць 15 магазінаў у Маладзечне і раёне, кандытарскі ўчастак, гандлёвая база, дробнааптовы склад, які абслугоўвае ўстановы адукацыі і аздараўленчыя лагеры.

Па словах намесніка старшыні Маладзечанскага райвыканкама Наталлі Нікіценкі, нельга лічыць, што здзелка адбылася. На сёння толькі падпісаны пратакол. Цяпер “Парэчча” павінна пералічыць усю суму здзелкі і аформіць неабходныя дакументы.

ПУП “Парэчча Белкаапсаюза” – камерцыйная арганізацыя, якая ажыццяўляе дзейнасць па такіх накірунках, як рознічны і аптовы гандаль, грамадскае харчаванне, паслугі насельніцтву (гасцініца, СТА), іншыя.

– Калі “Парэчча Белкаапсаюза” заключыць дамову, мы станем прыватным прадпрыемствам. Але застанёмся адкрытым акцыянерным таварыствам, захаваем і ранейшую назву, – патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ” старшыня назіральнага савета ААТ “Маладзечнагандаль” Ірына Харлановіч.

Для пакупнікоў са зменай трымальніка кантрольнага пакета акцый мала што зменіцца. Паводле ўмоў конкурсу, на працягу пяці гадоў павінен захавацца профіль дзейнасці ААТ і ўдзел у дзяржаўных сацыяльных праграмах, у тым ліку забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей да двух гадоў і прадуктамі харчавання дзіцячых садоў і школ.

Колькасць работнікаў ААТ “Маладзечнагандаль” і сацыяльныя гарантыі ў адпаведнасці з калектыўнай дамовай павінны захавацца на працягу трох гадоў.

Святлана ЦІШКО
Создание сайтов