Гіпермаркет “Карона” у Віцебску: чаканні і расчараванні
Адкрыцця першага ў горадзе гіпермаркету вядомай у Беларусі гандлёвай сеткі ў Віцебску чакалі некалькі месяцаў. 27 кастрычніка крама адчынілася, і натоўп пакупнікоў імпэтна ўшчыміўся ў дзверы. Але многія выходзілі адтуль хутка і з пустымі рукамі.
Пра “Карону”, будынак якой узвялі ў канцы вуліцы Чарняхоўскага, на выездзе з Віцебска, даўно ўжо складалі легенды. То казалі, што на паабяцаныя вялікія заробкі туды перабеглі гандляркі з усіх віцебскіх крам. То перашэптваліся, што гіпермаркет увогуле не адчыніцца, бо рост валютнага курсу перакрэсліў усе намеры і планы заснавальнікаў…
Дата адкрыцця сапраўды некалькі разоў пераносілася, аднак падзея ўрэшце адбылася. Пакупнікам, якіх сабралася пад дзвярамі чалавек пад дзвесце, раздалі паветраныя шарыкі. Але ўзрушаныя яны былі відавочна з іншай нагоды. Ледзь даслухаўшы прамову старшыні гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна пра тое, што адкрыццё “Кароны” – гэта значная падзея і стабільныя, вялікія, пастаянныя падаткі ў гарадскі і абласны бюджэт, усе рванулі да дзвярэй.
Магчыма, нехта спадзяваўся, што пераможцу “забегу” усё дастанецца задарма, ці хаця б у разы танней. Добра, што ў новым будынку некалькі дзвярэй – таму затаптаных або пакалечаных заўважана не было… Аднак узрушанасць на тварах пакупнікоў хутка змянялася расчараваннем.
— А чаму тут няма зніжак? У Мінску ва ўсіх гіпермаркетах зніжкі ёсць, і тут абяцалі! – дзівіцца кабета ў дарагім паліто. Падобна, што адмыслова “сарвалася” з працы, каб трапіць на адкрыццё новай крамы.
— Бабуля, а што гэта? – маленькі хлопчык “дзетсадаўскага” узросту цягнецца да незнаёмай садавіны. Бабуля па складах чытае: “Ка-рам-ба-ла”, 184 480 рублёў кілаграм, “лі-чы”, 301 620 рублёў, “чэ-ры-мой-я”, 73 250 рублёў”. Здаецца, акуляры зараз самі папаўзлі на лоб, каб побач не ляжалі звыклыя бульба, капусты і цыбуля – і ўсе гэта па звыклых ужо коштах, як і ў любой віцебскай краме.
— Між іншым, цэны тут нават вышэйшыя, чым у гандлёвай сетцы “Віцебскія прадукты”. А кажуць, што ў гіпермаркетах усе бывае танней за кошт вялікіх аптовых закупаў, – кажа адна дзяўчына другой.
Сяброўка адказвае:
— Пайшлі, я , здаецца, бачыла танныя цукеркі. А сок тут, хоць і свежавыжаты, але дарагі. Маркоўны за дзве з паловай тысячы піць не хочацца, а замест якога іншага – лепей садавіны купім.
Многія куплялі хоць што-небудзь, каб “апраўдаць” свой візіт у новую краму. Таму ля кас – а іх тут каля 30-ці – адразу ж утварыліся вялікія чэргі. І тут пакупнікоў чакала прыемная неспадзяванка: усе фірмовыя пакеты даюць бясплатна! Але – ці толькі ў дзень адкрыцця і з рэкламнымі мэтамі ? Гэта засталося не вядомым.
У чарзе да касы давялося прастаяць з паўгадзіны. За гэты час давялося назіраць, што многія так і пакінулі краму без пакупак ды з расчараванымі тварамі.
Новая “Карона” знаходзіцца на ўскраіне Віцебска. Перад крамай – вялікая аўтастаянка, разлічаная на 500 месцаў. Галоўнае спадзяванне – на ўладальнікаў машын, якія будуць “закупацца” у гіпермаркеце на тыдзень ці месяц наперад. Жылых мікрараёнаў паблізу няма, так што наўрад ці пакупнікі паедуць “на край свету” па хлеб ці малако – нават калі на нешта ўрэшце абвесцяць зніжкі.